Прадстаўніцтва Еўракамісіі стала прадстаўніцтвам Еўрасаюза

З 1 снежня 2009 года, калі ўступіла ў сілу Лісабонская дамова, прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі будзе афіцыйна называцца прадстаўніцтвам Еўрасаюза ва Ўкраіне і Беларусі. Вонкавымі адносінамі Еўрасаюза будзе займацца вярхоўны прадстаўнік ЕС, які таксама з'яўляецца віцэ-старшынёй Еўракамісіі. 1 снежня ў гэтую пасаду ўступіла баранэса Кэтрын Эштан. У яе распараджэнні будзе новая Еўрапейская служба вонкавага дзеяння, куды ўвойдуць супрацоўнікі Еўракамісіі, Савета ЕС і дыпламатычных службаў краін Еўрасаюза. Фактычна яна сумясціць абавязкі Хаўера Саланы і еўракамісара па вонкавых сувязях Беніты Ферэра-Вальднер.

Фармальнае рашэнне аб структуры Еўрапейскай службы вонкавага дзеяння будзе прынята не пазней за канец красавіка 2010 года, адзначае БелаПАН.

30 лістапада завяршыўся мандат Хаўера Саланы. Ён падзякаваў усім, хто з ім працаваў. "Мы стварылі адзіную вонкавую палітыку з усімі неабходнымі структурамі і інструментамі для яе ўвасаблення ў жыццё. Еўрасаюз будзе актыўна працаваць, каб палепшыць жыццё людзей у свеце", — заявіў Салана.

Новы генеральны сакратар Савета Еўрасаюза (узровень міністэрстваў краін ЕС) француз П'ер дэ Буасье таксама ўступіў у пасаду 1 снежня. Прэзідэнт Еўрасаюза — старшыня Еўрапейскага савета (узровень кіраўнікоў краін ЕС) Герман ван Ромпей прыступіць да выканання абавязкаў 1 студзеня 2010 года.