Прафесар Лепін не зразумеў, навошта яго выклікалі на допыт
Прафесара Георгія Лепіна ўчора дапыталі ў Кастрычніцкім РУУС Мінска як сведку па справе аб "масавых беспарадках".
Паводле Лепіна, следчага цікавіла, што казалі кандыдаты ў прэзідэнты ў сваіх выступах 19 снежня, хто першы пайшоў з Кастрычніцкай плошчы, ці быў заклік кудысьці ісці. Прафесар па выніках гэтай "змястоўнай" гутаркі зазначыў, што не разумее, чаму яго так настойліва запрашалі на допыт.
Нагадаем, за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня прафесар Лепін быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Падчас знаходжання ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання яго таксама дапытвалі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".