Пракаповіч раіць грамадзянам вярнуць валюту ў банк

У 2010 годзе планаваўся рост міжнародных рэзервовых актываў Беларусі на 0,5-1,83 млрд долараў паводле стандартаў МВФ. Замест гэтага яны скараціліся на 11%. Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч, якога Аляксандр Лукашэнка прымаў сёння з планавай справаздачай, патлумачыў невыкананне гэтага паказчыка ажыятажным попытам насельніцтва на валюту, асабліва пры канцы года.

"Летась мы прадалі на чыстай аснове насельніцтву 1,5 млрд долараў. Гэтыя грошы пайшлі з золатавалютных рэзерваў і яны фактычна ляжаць у насельніцтва дома, замест таго, каб працаваць на рэспубліку, на эканоміку", — цытуе Пракаповіча БЕЛТА.

Банкір параіў грамадзянам вярнуць грошы ў банк: "Па-першае, там забяспечваецца захаванасць зберажэнняў, па-другое, налічваюцца працэнты. Тады гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца для эканомікі, для таго, каб нашае жыццё палепшылася", — патлумачыў свой адказ ён.