Прапановы па змене выбарчага заканадаўства перададуць у парламент

У парламент Беларусі будуць прадстаўленыя прапановы па змене выбарчага заканадаўства, узгодненыя беларускімі ведамствамі і экспертамі АБСЕ. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Яна нагадала, што пасля парламенцкіх выбараў у верасні 2008 года паміж АБСЕ і Беларуссю было дасягнута пагадненне аб сумеснай ацэнцы беларускага выбарчага заканадаўства і выпрацоўцы прапаноў па яго змене.

У Беларусі гэтым займаўся Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці, куды ўваходзяць эксперты ЦВК. Цяпер узгодненыя праекты разглядаюцца ведамствамі Беларусі, чые інтарэсы будуць закранутыя, калі выбарчае заканадаўства зведае змены, сказала кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына не стала ўдакладняць канкрэтныя прапановы да з'яўлення "канчатковага праекта, узгодненага беларускімі ведамствамі і АБСЕ".

БелаПАН