Пратэрмінаванае лідскае марожанае ледзь не трапіла ў продаж

На Лідскім малочна-кансервавым камбінаце вырашылі рэалізаваць партыю пратэрмінаванага марожанага. Халодны прадукт быў выраблены яшчэ ў верасні мінулага года.
Тавар доўгі час праляжаў на складзе, і ўжо скончыўся яго тэрмін прыдатнасці. Але ж дырэктар прадпрыемства замест таго, каб утылізаваць марожанае, загадала змяніць звесткі на ўпакоўках.

На тавары ўжо пачалі мяняць дату вырабу, але ў гэты момант на камбінат завіталі з праверкай супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Як паведамляе прэс-служба УУС па Гродзенскай вобласці, у адносінах да кіраўніка прадпрыемства распачата крымінальная справа за спробу падману пакупнікоў. Ёй пагражае да 5 гадоў абмежавання волі.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна