Праваабаронцу Алега Волчака дапыталі па справе аб масавых беспарадках

Праваабаронца Алег Волчак 29 студзеня быў дапытаны ў Фрунзенскім РУУС Мінска па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. Аб гэтым паведамляе міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Раней Волчак ужо быў апытаны як сведка па гэтай крымінальнай справе супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Паводле слоў праваабаронцы, позвы ён не атрымліваў — яго, у парушэнне працэдуры, настойліва выклікалі на гутарку па тэлефоне. Прычым званкі паступілі не толькі яму самому, але і яго сваякам, па просьбе якіх ён і адправіўся на гутарку.

Волчак звяртае ўвагу на тое, што апытанні носяць масавы характар, а націск на праваабарончых актывістаў не памяншаецца, але цяпер ініцыятыву ў супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі пераймае міліцыя. Аднак, як адзначае праваабаронца, дзеянні праваахоўных органаў вельмі няўзгодненыя і многім людзям даводзіцца па некалькі разоў даваць адны і тыя ж паказанні ў розных дзяржаўных структурах. Як гаворыцца ў паведамленні місіі, Алег Волчак звярнуў увагу супрацоўнікаў РУУС, што ўжо сведчыў па гэтай справе, і запатрабаваў у іх выдачы пісьмовага пацвярджэння таго, што паказанні сведкі былі ўзятыя, паведамляе БелаПАН.