Праваслаўны святар: Банку не давяраю, таму долары паклаў у вулей
Крымінальная гісторыя здарылася ў вёсцы Туркі Бабруйскага раёна.
Як паведамляла Еўрарадыё, падлеткі знайшлі ў вуллі мясцовага жыхара схованку з віном і 14 тысячамі долараў. Аднак "здабычай" яны не паспелі скарыстацца — неўзабаве былі затрыманыя міліцыяй. Ім пагражае да 7 гадоў зняволення.
Як інфармуе "Комсомольская правда в Беларуси", пацярпелым аказаўся праваслаўны святар, айцец Елісей. "Банку не давяраю, таму грошы паклаў у вулей. Гэта мае асабістыя грошы, сума зароблена крывёю", — сказаў ён у інтэрв'ю гэтаму выданню. Паводле слоў святара, ён гандляваў мёдам і гароднінай.
Айцец Елісей, дарэчы, дараваў хлопцам. Долары яму яшчэ не вярнулі, паколькі следства працягваецца.
Фота — AFP