Прэм’ер Польшчы папрасіла прабачэння за скандал з праслухоўкамі
Гэта адбылося пасля гучных адставак трох міністраў і маршалка Сейма Польшчы.
Паводле слоў прэм’ер-міністра краіны Эвы Копач, у адстаўку сыходзяць маршалак Сейма Радаслаў Сікорскі, міністр фінансаў Матэуш Шчурэк, міністр аховы здароўя Барташ Арлуковіч і міністр спорту Анджэй Бернат. Разам з імі пасады пакідаюць і некаторыя намеснікі.
“Мы ведаем, колькі цяжкіх хвілін перажылі за апошні час, а можа і за апошні год, выбарцы “Грамадзянскай платформы”. Абураныя і раздражнёныя, яны былі вымушаныя слухаць гэтыя запісы. Яны заслугоўваюць, каб перад імі выбачыліся. І я сёння ад імя “Грамадзянскай платформы” вельмі сардэчна выбачаюся”, — заявіла прэм’ер падчас сваёй прамовы.
Адстаўка адбылася праз скандал з незаконным праслухоўваннем размоў высокапастаўленых чыноўнікаў у 2012-13 гадах. На пачатку тыдня ў сацыяльных сетках былі апублікаваныя асобныя матэрыялы пракурорскай праверкі. З запісаў гутарак вынікае, што чыноўнікі заключалі паміж сабой таемныя пагадненні і бестактоўна выказваліся на адрас іншых палітыкаў. Гэта выклікала шырокі рэзананс у грамадстве.
Цяпер Польшча чакае прызначэння новых міністраў. Але, відаць, рэпутацыя кіруючай партыі запэцканая канчаткова. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, “Грамадзянская платформа” моцна губляе падтрымку. Цяпер за яе гатовыя прагаласаваць толькі 24% апытаных, у той час як за “Права і справядлівасць” — ужо больш за 30%.
Фота — PAP