Прэзентацыя дыску "Песні лісоўчыкаў"

Вядомы беларускі бард-песеннік Сокалаў-Воюш выпусціў новы альбом пад назвай “Песні лісоўчыкаў”. Больш падрабязна пра тое, што можна пачуць на дыску і як будзе праходзіць яго прэзентацыя, нам распавёў менеджэр праекту, кіраўнік культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка: “Песні лісоўчыкаў” гэта ёсць другі альбом аўдыётэкі народнага фронту. Гэты альбом уключае ў сябе 7 песень Сокалава-Воюша са звязкі твораў “Песні лісоўчыкаў” пра сярэднявечную беларускую лёгкую конніцу, якая змагалася з маскалямі.

Гэта своеасаблівая гісторыя барацьбы з расійскай імперскай палітыкай. А астатнія 12 аўдыёпесняў — гэта ёсць песні старыя, перапісаныя ў добрай якасці, некаторыя пераробленыя на сучасны актуальны манэр. І апроч таго, на дыску змяшчаецца каля 15 розных вершаў Сокалава-Воюша, старыя і новыя, а таксама аўдыё з ягонага выступу ў жніўні 2006 году.

Дыск ужо выдадзены, яго можна знайсці ў прыватных распаўсюднікаў на сядзібе БНФ, на сядзібе ТБМ. Гэтая праца ўвогуле катэгарычна новая ў творчасці Воюша, гэта абсалютна іншы Сокалаў, чым ён быў 20 гадоў таму, калі ён спяваў на мітынгах у часы нашага адраджэння ў 90–91 годзе.

Ён адыйшоў ад гітарнага бардаўскага спеву ў бок спеву вакальнага, фальклёрнага тыпу. “Песні лісоўчыкаў” выкананыя толькі вакалам Воюша, часам накладзеным адзін на аднаго. Астатнія песні выкананыя пад гітару. Але проста людзі змогуць іх пачуць у добрай якасці.

Прэзентацыя дыску, а таксама літаратурна-музычная імпрэза адбудзецца 13 лютага ў Доме літаратара. Удзел прымуць гурты P.L.A.N., “Рэха”, барды — Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, літаратары Уладзімер Арлоў, Зміцер Вішнёў, Анатоль Івашчанка, магчыма, Глеб Лабадзенка разам з Яўгенам Валошыным.

Магчыма далучацца іншыя вядомыя ў Беларусі маладыя перспектыўныя паэты, пісьменнікі і барды. Гэта будзе своеасаблівая патрыятычна-рамантычная, літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная супольна дню нараджэння Кастуся Каліноўскага і дню святога Валянціна”.