Прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаус памілаваў беларуса
Акт аб памілаванні прымеркаваны да дзяржаўнага свята – Дня абвяшчэння Чэхаславаччыны. У кароткім спісе асобаў, якім удзяляецца памілаванне, ёсць таксама імя грамадзяніна Беларусі Сяргея Напрэенкі, паведамляе Радыё Свабода. Прэзідэнцкім памілаваннем былі ануляваныя дзве ранейшыя пастановы аб выдварэнні Напрэенкі за яго нелегальны побыт. Як адзначаецца на афіцыйным сайце Праскага граду, прэзідэнт узяў пад увагу тое, што ў выпадку вяртання на радзіму Напрэенку пагражаў бы палітычны пераслед. У рашэнні прэзідэнта таксама адзначаецца, што Напрэенка прыехаў у Чэхію легальна і ніякіх іншых парушэнняў закону (акрамя недазволенага знаходжання ў краіне) не здзяйсняў. Просьбу пра памілаванне падтрымала і чэшская філія праваабарончай арганізацыі Amnesty International.