Прэзідэнт даведваецца шмат новага пра краіну ад журналістаў

12 красавіка Аляксандр Лукашэнка дае прэс-канферэнцыю беларускім журналістам. Такое здараецца нячаста. Збольшага, прэзідэнт любіць сустракацца з расійскімі ды ўкраінскімі СМІ. Таму гутаркі з прадстаўнікамі айчынных мас-медыя падкідваюць Лукашэнку шмат новай інфармацыі.
Еўрапейскае радыё паспрабавала даведацца, што з абяцанага прэзідэнтам ён змог выканаць.

Так, на апошняй аналагічнай прэсавай канферэнцыі, якая праводзілася ў 2004 годзе, для Лукашэнкі стала адкрыццём, што з прыбытку, атрыманага за здачу кватэры, бярэцца падаходны падатак. У прыватнасці, з тых, хто здае кватэры маладым спецыялістам, якія прыязджаюць працаваць у раёны па размеркаванні.

Прэзідэнт абяцаў разабрацца. І разабраўся, хоць і толькі праз 2 гады. У жніўні 2006 году гэты падатак быў адменены.

Тры гады таму журналіст “Польскага радыё” Уладзімір Пац паскардзіўся нашаму прэзідэнту, што за дзень знаходжання ў Мінску іншаземцу трэба плаціць 3800 рублёў. А гэта — 700 долараў у год.

І тут Лукашэнка паабяцаў разабрацца. Ці змянілася сітуацыя, расказвае серб Сяргей Маркічавіч, які працуе ў Беларусі:

“Раней было. Але толькі ў Мінску. Тыя замежныя грамадзяне, якія працавалі ў Мінску, павінны былі штодзённа палаціць, па-мойму, 20% ад мінімальнай зарплаты. Гэта адменена. Я сваю рэгістрацыю і візу атрымаў 10 студзеня. Ніякай аплаты не было. Гэта адменена дзесьці паўтара году таму”.

Сярод тых, хто задаваў сваё пытанне Лукашэнку, быў фермер Юрый Пакуш. Яго турбавала праблема атрымання на сяле крэдытаў на жыллё. Паводле указаў, каб атрымаць крэдыт, неабходна было забяспечыць заклад. А што ў гэтым выпадку рабіць пачынаючым гаспадаркам, якія ўжо закрэдытавалі ўсё і даць у заклад ім няма чаго?

Еўрарадыё датэлефанавалася да Юрыя Пакуша, які ў гэты момант якраз працаваў у полі. На думку фермера пасля размовы з прэзідэнтам праблема пачала вырашацца:

“Гэтая праблема на сённяшні дзень для фермераў вырашаецца. У некаторых фермерскіх гаспадарках ужо будуюць дамы. У нас, па нашым раёне, у гэтым годзе пяці фермерам выдаткаваны сродкі на будоўлю жылых дамоў.

Мяне таксама ўключылі ў праграму, і я яшчэ думаю будаваць яго ці не, таму што ў мяне ёсць цалкам іншыя планы на гэты конт”.

Акрамя гэтага, Лукашэнка паабяцаў, што і надалей палова камунальных паслугаў для насельніцтва будзе аплочвацца з бюджэту краіны. Ці выканаў гэтае абяцанне прэзідэнт? Гаворыць эканаміст Леанід Заіка:

“Нашыя разлікі і прагнозы пацвердзіліся аналагічнымі тарыфамі ў суседніх краінах. Калі вы павінны плаціць за двухпакаёвую кватэру прыкладна 140 тысяч, я думаю, на сёння ў Мінску ў старой частцы гораду двухпакаёвая кватэра ў 120 тысяч абыходзіцца.

То бок, можна казаць, што ў некаторых раёнах 80% камунальных паслугаў аплочваецца самім насельніцтвам”.


З невыкананых абяцанняў — і наведванне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэту. Аляксандр Лукашэнка абяцаў, што абавязкова завітае да студэнтаў і павіншуе іх з 85-годдзем універсітэту. На жаль, прэзідэнт толькі даслаў пісьмовае віншаванне.

На прэс-канферэнцыі 2004 года ў Лукашэнкі ўпершыню спыталі, ці збіраецца ён балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Аляксандр Рыгоравіч адказаў станоўча. І тут ён нават перавыканаў абяцанне. Не толькі балатаваўся, але і ў трэці раз стаў прэзідэнтам Беларусі.


Фота — www.prognosis.ru