Прэзідэнт Польшчы згадаў пра "чарнобыльскі" досвед
Пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы будзе ўлічаны сумны досвед не толькі АЭС "Фукусіма-1", але і Чарнобыльскай АЭС.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка ў Таліне па выніках сустрэчы са сваім эстонскім калегам Тоомасам Хендрыкам Ільвесам.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Польшчы вельмі рэдка бываюць землятрусы і, пагатоў, цунамі. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што найперш пры будаўніцтве АЭС будзе ўлічвацца досвед і ўрок Чарнобыльскай АЭС. "У нашым рэгіёне 25 гадоў таму адбылася катастрофа. Без нейкага там землятрусу і цунамі, у выніку дрэнных тэхналогій і чалавечых памылак. Таму, найперш, Польшча будзе аналізаваць досвед Чарнобыля", — заявіў Камароўскі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што важным з'яўляецца таксама пытанне аб дастатковай бяспецы АЭС, якія плануецца пабудаваць у суседніх краінах, маючы на ўвазе праекты Калінінградскай і Беларускай АЭС, перадае ІА REGNUM.