Прэзідэнты могуць дамовіцца аб паляванні ці падпісаць Канстытуцыйны акт

Абмеркаванне Канстытуцыйнага акту “саюзнай дзяржавы” не значыцца ў парадку дня Вышэйшага дзяржсавету. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці можна чакаць ад сустрэчы беларускага і расійскага прэзідэнтаў сенсацыяў.

На сустрэчы 13-14 снежня Пуцін і Лукашэнка плануюць абмеркаваць саюзны бюджэт на будучы год, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, узгадненне дзеянняў у знешняй палітыцы, пытанни саюзных прэміяў, старшыні і сустаршыні мытнага камітэту “саюзнай дзяржавы” і змены складу беларуска-расійскай камісіі падрыхтоўкі Канстытуцыйнага акту.

Аднак палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць, што гэтыя пытанні можна абмяркоўваць і без прэзідэнтаў. Гэта значыць, вельмі верагодна, што Лукашэнка і Пуцін усё ж такі будуць размаўляць пра Канстытуцыйны акт і, магчыма, нават падпішуць яго. Зараз гэта было б лагічна.

Юрый Шаўцоў: “Галоўнае пытанне – Канстытуцыйны акт. Усё астатняе не патрабуе сустрэчы прэзідэнтаў. Я думаю, што хутчэй за ўсё гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца, але па-за межамі афіцыйнага пратаколу. Пуцін удала правёў парламенцкія выбары і зараз уступае ў прэзідэнцкую кампанію. Калі рабіць нешта істотнае, для чаго трэба было б ехаць на два дні ў Мінск, дык зараз – самы час”.

У апараце дзяржсакратара “саюзнай дзяржавы” Паўла Барадзіна на сёння тры сцэнары аб’яднання Расіі і Беларусі. Пры першым — прэзідэнтам становіцца прэзідэнт Расіі, а беларускі лідэр займае пост віцэ-прэзідэнта. Пры другім варыянце адзінага прэзідэнта выберуць народы нашых краінаў на рэферэндуме. Трэці сцэнар прадугледжвае Вышэйшы дзяржсавет як цэнтральны орган улады.

Рэдактар газеты “БДГ. Деловая газета” Пётр Марцаў мяркуе, што можа быць яшчэ адна, вельмі банальная прычына прыезду Пуціна ў Беларусь:

“Пуцін, як чалавек, які перастане быць прэзідэнтам праз некалькі месяцаў, фармальна закрывае для сябе гэты праект візітам у Беларусь. Чаму Пуцін, які праз тры месяцы перастане быць прэзідэнтам, павінен падпісваць Канстытуцыйны акт? Хутчэй за ўсё гэта будзе рабіць ужо новы прэзідэнт”.

Але прэс-сакратар дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Макушок сцвярджае, што расійскі прэзідэнт яшчэ можа паспець прыняць лёсавызначальныя рашэнні. Так, ад яго візіту ў Мінск варта чакаць сенсацыяў:

Іван Макушок: “Яны будуць вырашаць важныя пытанні. Але ў той жа час могуць закрануць самы шырокі спектр пытанняў. Могуць яны вырашыць на паляванне паехаць на наступны год. Гэта ў волі двух прэзідэнтаў. У іх будуць двухбаковыя сустрэчы. Мы спадзяемся, што сярод іншага будуць абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з тэрмінамі прыняцця Канстытуцыйнага акту. І ведаючы нашага прэзідэнта, магчымыя любыя сенсацыі і нечаканасці, спадзяемся, накіраваныя на найбольш хуткае аб’яднанне Беларусі з Расіяй”.

Варта зазначыць, што гэта апошні візіт Пуціна ў Беларусь у якасці прэзідэнта Расіі. Таму верагодна, што важныя рашэнні ўсё ж такі будуць прынятыя. Акрамя таго, можна чакаць, што Лукашэнка на развітанне падорыць Пуціну якую-небудзь узнагароду, напрыклад, Ордэн дружбы народаў.