Пры старшыні АБСЭ можа з'явіцца спецдакладчык па Беларусі

Праваабаронцы выказалі свае рэкамендацыі ў сувязі са старшынствам Літвы ў АБСЕ, у прыватнасці, было прапанавана прызначыць пры дзеючым старшыні АБСЕ спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Затым адбылася прэс-канферэнцыя, у часе якой кіраўнік беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак выказаў сваё меркаванне адносна ўвядзення санкцыяў супраць беларускіх уладаў.

"Мы не гаварылі са спадаром міністрам пра наша стаўленне да ўвядзення санкцыяў, але ён спытаў пра гэта сам. Я лічу, што людзям ў афіцыйным статусе, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека, павінен быць абмежаваны ўезд у Еўрасаюз", — заявіў Гулак.

Што датычыцца магчымых эканамічных санкцыяў, то тут, лічыць Гулак, трэба дакладна разумець, на якія пазіцыі Еўропа можа націснуць, каб гэта было адчувальна для рэжыму, а не для краіны ў цэлым, і магло б быць эфектыўным, перадае DELFI.

"Трэба ўлічваць, што гэтыя санкцыі не дадуць хуткага эфекту. Яны таксама дадуць магчымасць афіцыйнай прапагандзе выбудоўваць вобраз знешняга ворага", — заўважыў ён.