Прынц Чарльз просіць парламент Брытаніі адстрэльваць барсукоў
Брытанскія СМІ апублікавалі 27 лістоў прынца, якія ён пісаў парламентарыям 10 гадоў таму. Некаторыя з іх выклікалі вялікі рэзананс.
Брытанскія СМІ апублікавалі 27 лістоў прынца Чарльза да чальцоў парламента, якія ён пісаў больш за 10 гадоў таму. Мясцовыя СМІ праз неразборлівы почырк аўтара называюць іх “запіскамі чорнага павука”.
Журналісты Guardian 10 год дамагаліся публікацыі гэтых лістоў. Некаторыя палітычныя сілы нават чакалі, што гэта ўскалыхне асновы брытанскай манархіі, але сенсацыі яны не выклікалі, піша расійская служба ВВС.
Рэзананс у брытанскіх медыя выклікаў ліст прынца ад 21 кастрычніка 2004 года да міністра навакольнага асяроддзя Эліата Морлі, дзе ён выказваў занепакоенасць бескантрольным вылавам патагонскага клыкача (марская атлантычная рыба).
“Я спадзяюся, што незаконны вылаў патагонскага клыкача будзе знаходзіцца ў спісе вашых прыярытэтаў, бо да таго часу, пакуль не спыніцца гандаль ім, мала надзеі застаецца ў беднага старога Альбатроса, у абарону якога я працягну выступаць”, ― піша спадкаемца брытанскага трону.
Таксама з апублікаваных лістоў становіцца вядома, што прынц актыўна прасоўваў ідэю масавага адстрэлу барсукоў, якія пераносяць сухоты буйной рагатай жывёлы.

Але не толькі праблемы жывёл турбавалі прынца Уэльскага. У лісце тагачаснаму прэм’еру Тоні Блэру ён выказаў занепакоенасць тым, што верталёты “Лінкс” маюць нізкую лётную якасць ва ўмовах высокіх тэмператур. У гэты час Брытанія ўдзельнічала ў ваеннай кампаніі ў Іраку, і гэтым лістом прынц хацеў адзначыць, што гэта “яшчэ адзін прыклад таго, што ад ВПС патрабуюць вырашэння надзвычай складаных задач (асабліва ў Іраку), не выдзяляючы неабходных рэсурсаў”, ― цытуе ліст Guardian.
Нагадаем, што прынц Чарльз ― першы з каралеўскай сям’і ў чарзе на каралеўскі трон.
Фота: Getty Images, independent.co.uk