Прыпяць працягвае падтапліваць вёскі, размываць дарогі
У Жыткавіцкім раёне падтопленыя шэсць вёсак, у Петрыкаўскім — размытыя дарогі.
Узровень вады ў рацэ Прыпяць у раёне вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна склаў 531 см, назіраецца ледастаў з палонкамі.
Застаюцца падтопленымі вёскі Верасніца, Запясочча, Перароўскі Млынок, Поўчын, Азяраны і Пагост, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў.
Паводле яго слоў, эвакуацыя жыхароў падтопленых падворкаў і жывёл не патрабуецца. Назіральнікамі ў населеных пунктах праводзіцца штодзённы маніторынг паводкавага становішча.
На Прыпяці ў Петрыкаўскім раёне таксама назіраецца ледастаў з палонкамі. Застаюцца падтопленымі аўтамабільныя дарогі, што вядуць да паромных перапраў Петрыкаў — Вялаўск і Вышалоў — Снядзін. Праезд па гэтых дарогах магчымы толькі грузавым транспартам або транспартам павышанай праходнасці. У сувязі з тым, што паромныя пераправы не працуюць, зарэчныя зоны абслугоўваюцца па аўтадарогах праз Мазырскі і Жыткавіцкі раёны.
Фота: www.photographer.ru