"ПСЖ" рыхтуецца да беларускіх маразоў
Парыжане бяруць з сабой пальчаткі, шапкі, трыко, шалікі і коўдры.
"Парыж рыхтуецца да беларускай зімы" — пад такім загалоўкам на сайце французскага "ПСЖ" апублікаваны матэрыял пра падрыхтоўку каманды да матчу 1/16 фіналу Лігі Еўропы ЎЕФА супраць БАТЭ ў Мінску 17 лютага, паведамляе БелаПАН.
"Перад гульнёй будзем рабіць футбалістам актыўны масаж сагравальнымі мазямі, каб павялічыць тэмпературу цела. Мы прадугледзелі таксама сагравальныя вусцілкі", — паведаміў фізіятэрапеўт каманды Жэром Андраль.
Нападаючы "ПСЖ" Гіём Оаро заявіў, што "ў стане псіхалагічна падрыхтавацца да мінус 20 градусаў". Пасля абеду 15 лютага футбаліст збіраўся купіць у краме "ўсё, што дапаможа змагацца з холадам".
Больш асцярожны абаронца Зумана Камара, які 15 снежня ў дзесяціградусны мароз граў у Львове супраць "Карпат" у заключным матчы групавога этапу Лігі Еўропы сказаў: "Ва Ўкраіне было вельмі холадна, але там будзе яшчэ горш".
Бразільскі паўабаронца Нэнэ, які ў Львоў не ездзіў, "адкрые для сябе беларускую зіму", адзначаецца ў артыкуле. "Я ніколі не быў у краіне з такімі тэмпературамі. Не магу сказаць, што гатовы, але трэба будзе ахвяраваць сабой", — сказаў ігрок.
Нагадаем, 15 лютага дэлегат УЕФА Давыд Петрыяшвілі, які прыбыў у Мінск, заявіў, што не бачыць падстаў для пераносу матчу.