Пуцін узначаліць “саюзную дзяржаву”

13-14 снежня адбудзецца візіт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў Мінск, у хадзе якога будзе падпісаны ўжо падрыхтаваны Канстытуцыйны акт “саюзнай дзяржавы”, паведамілі радыёстанцыі "Эхо Москвы" крыніцы ў атачэнні кіраўніка Беларусі. Па інфармацыі тых жа крыніцаў, Пуцін стане прэзідэнтам “саюзнай дзяржавы” пасля сыходу з пасады прэзідэнта Расіі. Кіраўніку Беларусі адводзіцца роля старшыні “саюзнага парламенту”.

Напярэдадні ў інтэрв'ю Еўрарадыё дэпутат Дзярждумы Расіі, кіраўнік інстытута краін СНД Канстанцін Затулін, каментуючы будучы візіт, адзначыў, што мэта візіту - перадача паўнамоцтваў Пуціна яго пераемніку:

“Расійскі прэзідэнт ужо даволі даўно не наведваў Беларусь, і мне падаецца, што гэтая сустрэча будзе насіць вельмі важны характар. Пуцін пакідае сваю пасаду ў сакавіку, а магчыма, і раней, і ён, як мне падаецца, хацеў бы перадаць свайму пераемніку дзяржаву і адносіны з іншымі дзяржавамі ў найлепшай форме”.