П'яны інспектар Брэсцкай ДАІ задавіў раварыста

На брэсцкага інспектара ДАІ пачалі крымінальную справу. П'яны, ён сеў за руль аўтамабіля і збіў насмерць 17-гадовага хлопца. Здарэнне адбылося ўначы 27 чэрвеня, інфармуе "Ежедневник". Інспектар ДАІ старшы лейтэнант Фёдар Аніськевіч ехаў на аўтамашыне "Аўдзі". У яго крыві пазней выявілі 1,1 праміле алкаголю.

Недалёка ад вёскі Шчэглікі Жабінкаўскага раёна ён збіў 17-гадовага хлопца, які ехаў на ровары. Раварыст правілаў руху не парушаў, да таго ж ён быў пазначаны флікерамі, але гэта яго не выратавала. Прыблізна за 15 хвілін да паўночы п'яны супрацоўнік ДАІ збіў яго і кінуў паміраць, паспрабаваўшы ўцячы з месца здарэння. Парушальніка хутка знайшлі і затрымалі, а хлопца даставілі ў лякарню, дзе ён раніцай і сканаў ад чэрапна-мазгавой траўмы.