П'яны кіроўца паспрабаваў забіць супрацоўніка ДПС у Сенненскім раёне

П'яны кіроўца паспрабаваў забіць супрацоўніка ДПС у Сенненскім раёне. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласці. Здарэнне адбылося каля вёскі Шылкі. Позна ўначы, знаходзячыся пры выкананні службовых абавязкаў, супрацоўнік ДПС спыніў для праверкі дакументаў аўтамабіль "Пежо". Кіроўца машыны, 18-гадовы аршанец, быў п'яны. Пасля складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні міліцыянт адхіліў юнака ад кіравання аўтамабілем. Каб даставіць машыну на штрафстаянку, супрацоўнік ДПС перасеў у "Пежо", а гора-кіроўцу прапанаваў заняць месца пасажыра ў службовым аўтамабілі. Тады раз'юшаны хлопец з нажом накінуўся на міліцыянта, некалькі разоў ударыў яго ў грудзі і сцягно і паспрабаваў уцячы на сваёй машыне.

Далёка з'ехаць парушальніку не ўдалося. Нягледзячы на цяжкія раненні, супрацоўнік ДПС прастрэліў колы "Пежо". Дружыннік, які знаходзіўся разам з ім на дзяжурстве, выклікаў дапамогу.

Цяпер пацярпелы 28-гадвоы міліцыянт знаходзіцца ў рэанімацыі Віцебскай абласной клінікі. За замах на забойства работніка міліцыі на затрыманага аршанца пачалі крымінальную справу. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне або пакаранне смерцю.