П'яны мужчына біў жанчын у жывот і скакаў на іх спіны
23-гадоваму жыхару Гомеля, які збіў сем чалавек, выстаўленае абвінавачанне ў хуліганстве, ён арыштаваны. Сталі вядомыя падрабязнасці гэтага здарэння.
Здарэнне адбылося ў Гомелі 30 чэрвеня прыблізна а 17-й гадзіне. Малады мужчына, які займаўся рукапашным боем, у стане алкагольнага ап'янення напаў на мужчыну ў адной з крамаў. Ён збіў яго, а пасля ўдарыў нагой у жывот прадаўшчыцу, якая заступілася за пакупніка.
Пасля гэтага зламыснік напаў на кампанію з дваіх мужчын і жанчыны, якія распівалі спіртныя напоі. Ён збіў мужчын, а пасля скокнуў на спіну жанчыны, якая адпаўзала ў бок, ды зламаў ёй рабрыну.
Наступнымі пацярпелымі сталі мужчына і жанчына, якія праходзілі каля месца здарэння. У той жа дзень зламысніка затрымалі міліцыянты. Праваахоўнікам ён патлумачыў, што з'яўляецца прыхільнікам здаровага ладу жыцця і адмоўна адносіцца да людзей, якія ўжываюць алкаголь.
Раней малады чалавек неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці — за дробнае хуліганства і распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, паведамляе "Интерфакс-Запад".