П'яны вясковец зладзіў салют з артылерыйскага снарада
Здарэнне адбылося на Новы год, але свята не атрымалася. Ад выбуху пацярпеў і сам падпальшчык, і двое яго аднавяскоўцаў.
Жыхар адной з вёсак у Слонімскім раёне вырашыў зладзіць на Новы год салют. Ён прынёс артылерыйскі снарад і вырашыў падпаліць яго каля сельскага клуба.
Ад выбуху пацярпеў і сам нецвярозы 54-гадовы падпальшчык, і двое яго аднавяскоўцаў. Яго таварыш атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні ад аскепкаў, а дзяўчына 24 гадоў, якая стаяла побач, атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Як выявілася, снарад вясковец знайшоў некалькі гадоў таму на палігоне і захоўваў яго ў гаражы. Эксперты высветлілі, што гэта неразарваны асвятляльны артылерыйскі снарад. Яго аднеслі да баявых прыладаў спецпрызначэння, паведамляе Следчы камітэт.
Слонімскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальныя справы за прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці і незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
Вядома, што раней мужчына не быў судзімы. Вядзецца следства.
Гэта не першы выпадак падрыву снарада ў 2015 годзе. У Бабруйску 1 лютага мужчына падарваў сябе каля крамы. Перад гэтым зайшоў у краму, купіў дзве бутэлькі гарэлкі і адну віна, мандарыны. Ён папрасіў прадаўшчыцу адкаркаваць бутэльку, прапаноўваў выпіць разам. Жанчына кажа, што пры гэтым ён сказаў нешта накшталт "Мне ўжо ўсё роўна..." Па папярэдніх дадзеных, выбух мог адбыцца ад безабалонкавага снарада.