Рабаўнік-рэцэдывіст прадстаўляўся міліцыянтам
Навучэнец Ганцавіцкага ліцэя прадставіўся мясцовай жыхарцы як следчы міліцыі. Да жанчыны ён прыйшоў разам са знаёмым, каб абрабаваць яе.
Псеўдаміліцыянт забраў у кабеты мабільнік, заявіўшы, што рэч крадзеная. Таксама рабаўнікі вымусілі даць ім 15 тысяч рублёў, на якія мужчыны набылі таннага віна. Другі мужчына — знаёмец кабеты — вярнуў потым ёй тэлефон.
Выпіўшы набытае, рабаўнікі зайшлі ў іншую кватэру. Там нікога не было, але яны выбілі нагою дзверы і забралі магнітафон, ежу і нож. Гэтым нажом адзін з рабаўнікоў пагражаў першай пацярпелай, якую сустрэў на лесвіцы: ён абяцаў яе зарэзаць, калі жанчына паведаміць пра крадзеж ў міліцыю.
Калі рабаўнікоў затрымалі, то высветлілася, што старэйшы з іх ужо быў асуджаны пяць разоў і з сваіх 36 гадоў 13 адседзеў у турме. На гэты раз яму далі шэсць гадоў. Яго 18-гадовы напарнік, які прадстаўляўся міліцыянтам, цяпер асуджаны ў трэці раз да трох з паловай год пазбаўлення волі.