Рабаўніка банка "Масква-Мінск" шукаюць сярод наведвальнікаў абменнікаў

Людзі, якія прыходзяць у пункты абмену валют з расійскімі рублямі, рызыкуюць трапіць у пастарунак.
Днямі Сяргею* тэрмінова спатрэбіліся беларускія рублі. На руках былі толькі расійскія, таму ён хутка падскочыў у бліжэйшае аддзяленне "Беларусбанка" на Паўднёвым Захадзе Мінска. Але на тое, каб памяняць грошы, нечакана давялося змарнаваць больш за гадзіну:

Сяргей: “Я зайшоў туды, валюту здаў. На мяне касірка паглядзела і палезла ў кніжачку, дзе расійскія рублі намаляваныя. Я яшчэ здзівіўся: няўжо расійскіх рублёў ніколі не бачылі ў "Беларусбанку"?! То бок, бачу — цягне час. Я пачаў хвалявацца, няўжо нехта мне падробку падкінуў? Толькі гэтых праблемаў не хапала. Пасля прыехала міліцыя”.



У міліцыі Сяргея сфатаграфавалі, праверылі яго асобу і распыталі пра тое, што ён рабіў удзень 31 траўня. А пасля запыталіся: ты што, хлопец, тэлевізар не глядзіш?



Сяргей: "Я кажу: тэлевізар не гляджу. У мяне інтэрнэт ёсць і любімыя фільмы. Мне кажуць: абрабавалі банк "Масква-Мінск" на Ясеніна, 30. Я кажу: ну і...? Ну і ўсё. Але на развітанне мне сказалі наступнае: калі я хачу здаць гэтую валюту, трэба ісці ў той самы пункт абмену валют. А калі ў іншым паспрабуеце здаць — вас ізноў прывязуць да нас".

Каб прымерыць на сябе ролю падазраванага ў рабаванні, карэспандэнт Еўрарадыё ўзброіўся 1,5 тысячамі расійскіх рублёў і паехаў у тое самае аддзяленне "Беларусбанка", адкуль некалькі дзён таму "прынялі" Сяргея.



Але ці то я апынуўся надта непадобны да фотаробата злачынцы, які абрабаваў банк, ці то касірцы ў банку надакучыла выклікаць міліцыянтаў кожны раз, калі нехта прыносіць "расію"... Мне грошы памянялі без праблем. У рэшце атрымалася пазбавіцца “нешчаслівых” расійскіх рублёў і ў Сяргея. Прычым у іншым абменніку:

Сяргей: "Я адразу запытаўся: міліцыю будзеце выклікаць? Касірка кажа: так! А пасля пытаецца: а вы ўжо ў міліцыі былі? Я адказаў, што быў, і тады памянялі без пытанняў. Бо ёй таксама ўсё гэта так патрэбна... Час цягнуць, трывожную кнопку націскаць... Ды і міліцыя не адразу прыязджае, бо ведае, што гэта за выклік".



Начальнік прэс-службы мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі патлумачыў, што крыўдзіцца на банк ці на міліцыю ў гэтай сітуацыі не варта. Падобныя следчыя мерапрыемствы часта прыносяць плён:

Аляксандр Ластоўскі: "Чалавек здае буйную суму ў расійскіх рублях. Глядзім, што на іншай шалі: з банка скрадзеная буйная сума расійскіх рублёў. Ну, а наколькі злачыннасць бывае дзёрзкай і недарэчнай, і распавядаць не трэба. Прыкладаў хапае, можаце ў нашым ЖЖ пачытаць".

Тым больш, калі прыкметы прыкладна адпавядаюць фотаробату. Тады гэта проста абавязак супрацоўніка міліцыі — праверыць, мае чалавек дачыненне да злачынства, ці не.

Аляксандр Ластоўскі кажа, што добрыя міліцыянты трымаюць у памяці выявы злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку. Астатнім гэта дапамагае рабіць штодзённы інструктаж.

* імя змененае.

Фота: Павел Свярдлоў.