Работніку МАЗа станком адрэзала нагу
Меркаванай прычынай здарэння стала парушэнне тэхнікі бяспекі.
Надзвычайнае здарэнне адбылося на Мінскім аўтамабільным заводзе — адзін з работнікаў пазбавіўся часткі правай нагі, паведамляе TUT.by са спасылкай на крыніцу на прадпрыемстве. У адміністрацыі завода гэты факт ускосна пацвердзілі.
Паводле інфармацыі партала, 38-гадовы рамонтнік збіраўся рамантаваць абсталяванне ў кавальска-нарыхтоўчым цэху. Калі мужчына пачаў працу, прэс аднаго са станкоў упаў яму на нагу. У выніку работнік застаўся без часткі ніжняй канечнасці.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай няшчаснага выпадку стала парушэнне тэхнікі бяспекі.