Рада БНР прапанавала "жалезную заслону" для КДБ і АМАПу


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву, у якой выказала "занепакоенасць надзвычай брутальнымі нават для рэжыму Лукашэнкі рэпрэсіўнымі дзеяннямі ў дачыненні да актывістаў апазіцыі, палітычных і праваабарончых арганізацыяў, журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія разгарнуліся ў Беларусі пасля так званых прэзідэнцкіх "выбараў" 19 снежня і набываюць усё большы маштаб. Рэпрэсіі закранаюць не толькі актывістаў, але і членаў іх сем’яў".

Рада БНР звяртаецца да ўрадаў краінаў Еўрасаюза, ЗША, Канады, Украіны, Турцыі і Егіпта з заклікам "забараніць уезд на тэрыторыю гэтых краінаў супрацоўнікам КДБ і іншых спецслужбаў, сістэмы міністэрства ўнутраных спраў,  судоў і пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама членам іх сем’яў. Рада БНР разглядае вышэйназваныя структуры як рэпрэсіўны механізм, які скарыстоўваецца супраць актывістаў дэмакратычнай апазіцыі".

Рада БНР прапануе, каб гэтая "забарона на ўезд дзейнічала да моманту вызвалення апошняга ў Беларусі палітычнага вязня і скасавання ўсіх крымінальных і адміністрацыйных спраў у дачыненні да асоб, якіх пераіледуюць за іх палітычную пазіцыю".