Рада інтэлігенцыі абяцае прэсінгаваць прэтэндэнтаў на адзінага

На тых прэтэндэнтаў са свайго спісу, якія яшчэ не вызначыліся з удзелам у выбарах, будуць ціснуць, а тым, хто вызначыўся, але ў спіс не патрапіў, раяць свае амбіцыі адкінуць куды далей. На сваім пасяджэнні ў аўторак Рада беларускай інтэлігенцыі абмежавала спіс прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі да пяці чалавек. Але ў гэтым спісе толькі два палітыкі заявілі аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах — Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў. Ні Аляксандр Казулін, ні Сяргей Калякін, ні Уладзімір Някляеў, якія таксама патрапілі ў гэты спіс, такога жадання пакуль не выказвалі. Але як патлумачыў Еўрарадыё старшыня Рады інтэлегенцыі Ўладзімір Колас, наяўнасць ці адсутнасць такіх заяваў да ўвагі не прымалася.

Уладзімір Колас: “Мы проста вызначыліся — хто на нашым палітычным небасхіле, з наяўнага нашага актыву, можа прэтэндаваць па сваіх якасцях і на званне адзінага, і на пасаду прэзідэнта краіны”.

Па яго словах, большасць удзельнікаў круглага стала па адбранні адзінага ад апазіцыі спецыяльна тармазіла час, разумеючы, што ў іх шансаў стаць адзіным няма. Цяпер, спадзяецца Колас, справа пойдзе хутчэй. А што тычыцца тых, хто “не вызначыўся” — Казуліна, Калякіна і Някляева, то ім “дапамогуць” зрабіць гэта хутчэй.

Уладзімір Колас: “Гэтых людзей мы будзем прэсінгаваць зараз з тым, каб у самыя кароткія тэрміны яны вызначыліся і вырашылі гэтую праблему гэтага этапа падрыхтоўкі да выбараў”.

Як вядома, Уладзімір Някляеў упарта адмаўляецца раскрыць свае планы на прэзідэнцкую кампанію. Але тое, што Рады назвала яго прэтэндэнтам на адзінага ад апазіцыі, паэта не засмуціла і планы, кажа, яго не паблытала.

Уладзімір Някляеў:
“Нікому ніхто не замінае ў гэтым свеце сказаць самому пра сябе, што ён кандыдат. І Радзе інтэлігенцыі, а гэта значыць — нейкай колькасці беларускіх грамадзян, ніхто не замінае сказаць пра тое, каго яны бачаць кандыдатам на вось гэтую самую пасаду”.

У той жа час ён прызнаў, што слова “прэтэндэнт” яму пасуе і што ціснуць на яго, каб хутчэй вызначыўся з удзелам у выбарах, пачалі яшчэ ўчора, падчас пасяджэння Рады.

Уладзімір Някляеў: “Прэтэндэнт на кандыдата — гэта можа быць у адносінах да Някляева. Але я хачу растлумачыць адну простую рэч: я яшчэ публічна не заявіў, што я з гэтага дня, з гэтага моманта ёсць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Праўда, не стану хаваць, што там жа на мяне пачалі ціснуць, каб я хутчэй зрабіў такую заяву. Я сказаў, што ёсць у кампаніі “Гавары праўду!” скаардынаваны план. Ад яго, канешне, можна адступіць, але я не бачу ў гэтым патрэбы. І я ж там не адзін такі — пакуль Рада інтэлігенцыі будзе займацца Казуліным, Калякіным, то мая чарга прыйдзе менавіта тады, калі я сам да гэтага дайду”.

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук аб сваім удзеле ў выбарах заявіў даўно. І ў працы гэтага круглага стала прадстаўнікі АГП удзельнічаюць ад пачатку. Скарачэнне спісу прэтэндэнтаў на адзінага Раманчук падтрымлівае абодвума рукамі. І, кажа, ніякага пратэкцыянізму тут няма.

Яраслаў Раманчук: “Гэта ацэнка не проста слоў, а дзеянняў. І ў кулуарах мы таксама не ўспрымаем як фаварытызм у дачыненні да тых людзей, якія ў пяцёрку трапілі. Гэта рэальная, прагматычная, здаровая ацэнка таго, хто ёсць хто ў беларускай дэмакратычнай палітыцы сёння”.

Зараз абраць адзінага, кажа Раманчук, будзе зусім не складана. Тым больш, што рэальна спіс складаецца з трох прэтэндэнтаў.

Яраслаў Раманчук:
“Казулін наўрадці пойдзе. Як і Сяргей Калякін, які на сённяшні дзень пакуль не заяўляў аб удзеле. І вось з гэтай групы адзіны кандыдат выбіраецца лёгка”.

Што тычыцца Калякіна, то ён і сапраўды ў размове з Еўрарадыё заявіў, што заявіць аб сваім удзеле ў выбарах толькі тады, калі апазіцыя канчаткова распішыцца ў няздольнасці абраць адзінага. Праўда, Раманчук кажа, што ён зробіць усё магчымае, каб стаць гэтым адзіным.

Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі ў працы гэтага круглага стала ўдзельнічае ад пачатку. Але пра ўчорашняе рашэнне Рады даведаўся сёння ад Еўрарадыё. Але сюрпрызам гэта для яго не стала.

Віталь Рымашэўскі:
“Калі ствараўся гэты круглы стол, было відавочна, што ён ствараецца пад нейкага пэўнага чалавека ці пэўнага кола асобаў. І спадар Колас, і некаторыя з людзей, якія ўваходзяць у Раду інтэлегенцыі, фактычна сваёй дэкларацыі не здольныя былі адпавядаць. Што яны, нібыта, з’яўляюцца нейтральнымі асобамі, што яны збіраюцца выпрацоўваць механізм вылучэння адзінага больш-менш зразумелы для ўсіх”.

У той жа час палітык кажа, што на наступныя пасяджэнні пойдзе. Для таго, каб быць у курсе таго, што адбываецца ў палітычным жыцці і кулуарах апазіцыі.

Аналагічную пазіцыю выказаў у размове з Еўрарадыё і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Але Ўладзімір Колас не згодны з такім абвінавачваннем.

Уладзімір Колас: “І круглы стол, і наша ініцыятыва створаныя не для таго, каб раздаваць усім сёстрам па завушніцам. І рабіць усім прыемнае, зацягваць працэс эйфарыі гэтай бясконца. Адзіны мусіць быць адзін. Як і прэзідэнт будзе адзін. І таму дэвіз павінен быць адзін: “Усё на карысць справе”.

А амбіцыі, не накіраваныя на следаванне гэтаму дэвізу, Колас параіў адкласці як мага далей.

Фота: http://www.svaboda.org/