Radiohead адпраўляецца ў падарожжа

Нягледзячы на боязь самалётаў, ад якой пакутуе Том Ёрк, удзельнікі гурта з нецярплівасцю чакаюць пачатку сусветнага туру. Radiohead распачынае тур 6 чэрвеня ў Дубліне, пасля чаго адправіцца яшчэ з 18 канцэртамі па іншых еўрапейскіх гарадах (самы блізкі да Беларусі – гэта Берлін, дзе Radiohead выступяць 8 ліпеня).

Таксама гурт абвесціў пра 22 канцэрты ў паўночнай Амерыцы і Канадзе.

Гітарыст Джонні Грынвуд расказвае, што, натуральна, не можа дачакацца пачатку тура, які будзе першым за апошнія пяць гадоў.

Грынвуд кажа: “Асабіста я марыў пра гэты тур з таго самага моманту, калі мы скончылі папярэдні. Мне ён настолькі неабходны, што я не магу больш чакаць ні хвіліны”.

“Ведаеце, сусветны тур – як вялікае падарожжа класа “люкс”, калі ты мусіш штодзень быць у іншым горадзе, але намаганняў для гэтага табе прыкладаць ніякіх ня трэба. Гэта такі зручны і лёгкі шлях пабачыць свет, а ў дадатак ты яшчэ граеш свае канцэрты кожны вечар. Ну, проста шыкоўнае жыццё!”

“Канешне, было так, што канцэрты і пераезды радавалі нас толькі першыя тры месяцы ў мінулых турах. Пасля мы вельмі стамляліся, пачыналі хварэць, і ўсё перарастала ў адзін вялікі стрэс. Але першыя тры месяцы сапраўды было неверагодна клёва”.


Аэрафобія Тома Ёрка

У той час, калі гітарыст Джон радуецца набліжэнню мноства канцэртаў, лідэр гурта Том Ёрк жудасна нэрвуецца перад пачаткам тура, асабліва з-за неабходнасці перамяшчацца на самалёце.

Том кажа: “Я спрабую не думаць пра гэта. Таму што гэта мяне збівае, я ўвогуле пачынаю сябе дрэнна адчуваць. Я жудасна не люблю лятаць самалётамі, я проста прымушаю сябе не панікаваць падчас палёту. Становіцца яшчэ горш, але ўсё што я раблю – гэта цалую зямлю па прылёце, і ўсё наладжваецца".


Фестывальныя планы Radiohead

Акрамя сольных канцэртаў Radiohead мае намер адыграць на пяці еўрапейскіх фэстах, сярод якіх такі вядомы, як Roskilde Festival у Даніі. Але што цікава – у роднай Брытаніі гурт не пацвердзіў ўдзелу ў аніводным фэсце. Хадзілі толькі чуткі пра хэдлайнерства на Reading and Leeds.

Аднак гітарыст Джон сказаў, што гурт збіраецца наведаць толькі легендарны фэст Glastonbury, але ў якасці фанаў.

Джон сказаў: “Мы размаўлялі наконт таго, каб наведаць гэты фэст, можа нават пайграць там, зрабіць такое незапланаванае шоу, не ведаю яшчэ што дакладна.

Том быў на Glastonbury ў мінулым годзе, і яго неверагодна ўразіла тое, што гурты тыпу Madness, гралі не на вялікай пляцоўцы, а, напрыклад, у казіно! Магчыма, мы таксама што-небудзь такое прыдумаем”.

Па інфармацыі bbc radio 1.

Даты еўрапейскіх канцэртаў і наяўнасць квіткоў можна паглядзець на сайце Radiohead.