Radiohead прэтэндуюць на прэмію Ivor Novello

Новы альбом Radiohead «In Rainbows» намінаваны на Ivor Novello Awards – адну з найпрэстыжнейшых прэмій у галіне стваральніцтва, якой, пачынаючы з 1955-га года, адзначаюць лепшыя дасягненні кампазітараў і паэтаў-песеннікаў. Radiohead не ўпершыню прыцягваюць увагу Брытанскай Акадэміі Кампазітараў: у 1997-м годзе прэміі Ivor Novello у катэгорыі «Лепшая песня» ўганараваная кампазіцыя «Paranoid Android», а ў 2004-м гурт атрымаў узнагароду за «Міжнародныя дасягненні».

Сёлета за тытул «Лепшай песні года ў музычным і лірычным плане» пазмагаюцца адразу дзве кампазіцыі брытанкі Эмі Уайнхаўс – «Love is A Losing Game» і «You Know I'm No Good» - а канкурэнцыю ім паспрабуе скласці гурт Ben's Brother са сваім хітом «Let Me Out».

Нагадаем, што сваю першую прэмію Ivor Novello Эмі атрымала летась – яе песня «Rehab» была названая «Лепшай сучаснай кампазіцыяй года».

Сёлета «Rehab» прэтэндуе ўжо на званне «Самай паспяховай песні года». У гэтай жа катэгорыі заяўленыя яшчэ некалькі мегахітоў – «Beautiful Liar» Шакіры і Беёнс і «Grace Kelly» Мікі.

Уручэнне прэмій Ivor Novello Awads адбудзецца 22 траўня ў Лондане.

У мінулым годзе «Лепшай песняй года» была прызнаная кампазіцыя «Sorry» Мадонны, а ўзнагароду за лепшы альбом павезлі з сабою шэфілдскія індзі-рокеры Arctic Monkeys.

Фота: www.lovegoloven.narod.ru