Radiohead стане хэдлайнерам Roskilde-2008

Гурт Radiohead анансаваў першыя даты свайго гастрольнага тура па Еўропе. На афіцыйным сайце гурта з'явіўся спіс з 14 гарадоў, куды музыкі плануюць заехаць бліжэйшым летам - праўда, пераважна без указання дат. Паводле гэтага поста, на працягу чэрвеня-ліпеня Radiohead наведаюць Ірландыю, Францыю, Нямеччыну, Бельгію і Нідэрланды і адыграюць шэраг канцэртаў у роднай Вялікабрытаніі.

Пакуль вядомыя толькі чатыры дакладныя даты выступаў у межах будучага тура ў падтрымку дыска "In Rainbows": 18 чэрвеня Radiohead адыграюць у Мілане, 20 чэрвеня - на Hurricane Festival у нямецкім Шэсэле, 22 чэрвеня - на Southside Festival у Тутлінгене, а ў пачатку ліпеня стануць аднымі з хэдлайнераў дацкага Roskilde Festival.

Апошні раз музыкі выступалі на сцэне Роскільда 11 гадоў таму. Паводле словаў арганізатараў Roskilde Festival, оксфардскі квінтэт заняў першае месца ў спісе пажаданняў наведвальнікаў сайта фэсту, якія дапамагалі вызначаць хэдлайнераў для Roskilde-2008.

Дадам, што гэты фэст - адзін з найбольш папулярных у Еўропе, праводзіцца ён з 1977 года.

І нагадаю, што альбом "In Rainbows", у падтрымку якога будуць праходзіць гастролі гурта, быў выдадзены 10 кастрычніка Інтэрнэт-рэлізам.

Фізічны рэліз альбома запланаваны акурат пад Новы год - 31 снежня.

Фота: www.myspace.com