Радзівілы перадалі Беларусі партрэты сваіх продкаў

Прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў перадалі Беларусі матэрыялы па гісторыі сваіх продкаў. Гэта адбылося ў Варшаве падчас сустрэчы амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі з польскімі прадстаўнікамі роду Мацеем і Каралем Радзівіламі.  Яны перадалі два арыгінальныя прыжыццёвыя гравюрныя партрэты XV і XVI стагоддзяў Януша і Мікалая Радзівілаў. Гравюры набыў Мацей Радзівіл на аўкцыёнах у Нямеччыне. Акрамя таго, былі перададзеныя лічбавая копія партрэта Барбары Радзівіл і актуалізаванае генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў.

Нашчадкі Радзівілаў хочуць, каб гэтыя падарункі былі ў адноўленым Радзівілаўскім замку ў Нясвіжы. Таксама яны выказалі гатовасць аказаць фінансавую дапамогу ў вырабе якасных лічбавых копій партрэтаў Радзівілаў, якія знаходзяцца ў музеях Варшавы.

БелаПАН