Rammstein: на носе - новы альбом

Немцы Rammstein завяршаюць працу над сваім доўгачаканым новым альбомам, паслядоўнікам «Rosenrot» 2006-га года. Запіс альбома ажыццяўляецца на адной са студый Лос-Анжэлеса пры ўдзеле прадзюсара Якоба Хельнэра. Паводле словаў музыкаў, асноўная частка працы ўжо праведзеная, на парадку дня засталіся толькі міксаванне і майстарынг. «Цяпер мы накладваем фінальныя рыскі на ўжо запісаныя песні, - пішуць музыкі на сваім афіцыйным сайце. – Вось, да прыкладу, падумваем над выкарыстаннем струнных і хору, таму запрасілі ў студыю аранжыроўшчыка Свена Хельбінга. Ну, а ў сярэдзіне сакавіка пачнецца міксаванне кружэлкі».

Як спадзяюцца ўдзельнікі Rammstein, гэты працэс не зойме больш двух месяцаў, і да лета новая пласцінка будзе ўжо цалкам гатовая. Тады ж хутчэй за ўсё будзе апублікаваны і першы сінгл. Сам альбом, тым не менш, варта чакаць не раней за восень – бо лета, як вядома, цалкам «мёртвы» сезон для выпуску кружэлак.

Нагадаем, што новая праца стане шостым студыйнікам у дыскаграфіі гурта, які адсвяткуе сёлета 15-годдзе сваёй кар'еры.

Фота: www.varshavskiy.ru