Расія можа адмовіцца ад паслугаў Беларусі па транзіце газу

Запуск газаправодаў "Паўночная плыня" і "Паўднёвая плыня" зробіць непатрэбным транзіт праз Украіну і Беларусь. Такую заяву зрабіў еўракамісар па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Отынгер.  "Расія можа пастаўляць паліва без дапамогі Ўкраіны або Беларусі — цяпер яна экспартуе на еўрапейскі рынак 120 млрд кубаметраў газу", — растлумачыў чыноўнік.

"Увядзенне ў строй "Паўднёвай" і "Паўночнай" плыняў сапраўды можа адбіцца на транзіце газу праз Украіну і Беларусь", — лічыць намеснік начальніка аналітычнага аддзела ІК "Грандзіс Капітал" Цімур Хайрулін.

Ён тлумачыць гэта тым, што здабыча Газпрама расце павольна, і Расіі будзе цяжка ў бліжэйшыя некалькі гадоў нарасціць здабычу больш чым на 100 млрд кубаметраў (сукупная магутнасць "Паўднёвай" і "Паўночнай" плыняў).

Між тым беларускі ўрад ужо зараз прагназуе, што да 2012 года аб'ёмы транзіту расійскага газу па тэрыторыі Беларусі знізяцца на 25% у параўнанні з 2009 годам. Прычым галоўнай прычынай такога зніжэння наўпрост называецца будаўніцтва "Паўночнай" і "Паўднёвай" плыняў, піша газета "Взгляд".