Расія не будзе моцна раўнаваць Беларусь да Еўропы

Як успрыме Расія рух Беларусі ў бок Еўропы? Ці будзе паміж Расіяй і Еўропай спаборніцтва за Беларусь? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказаў удзельнік Мінскага Форуму, дырэктар Маскоўскага цэнтру Карнэгі Дзмітрый Трэнін
Дзмітрый  Трэнін кажа, што рэўнасць захаваецца, але рэзкага пахаладання ў расійска-беларускіх стасунках не будзе. Па словах эксперта, значэнне павароту Беларусі да Еўропы занадта перабольшваецца:

“Насамрэч адбываецца не паварот ад Расіі да Еўропы. Адбываецца працэс нармальнага станаўлення дзяржавы ў новай Усходняй Еўропе. І гэта дзяржава спрабуе выбудаваць адносіны са сваімі суседзямі, партнёрамі – блізкімі і дальнімі. Выбар для Беларусі пакуль не зроблены. Ён пакуль яшчэ нават не сфармуляваны на ўзроўні беларускай кіруючай эліты.

Калі такі выбар будзе зроблены, цяпер сказаць цяжка. Але я вельмі спадзяюся, што калі беларуская эліта будзе гатовая зрабіць выбар на карысць стасункаў з Еўропай, адпаведны выбар зробіць і расійская эліта”.

Апошнім часам Беларусь пачала актыўна балансаваць паміж Расіяй і Захадам. Падчас свайго дакладу на Мінскім форуме Дзмітры Трэнін падкрэсліў, што стварыла такую сітуацыю не Ўсходняе партнёрства. Такая сітуацыя была і раней — Усходняе Партнёрства зрабіла яе больш яўнай.

“Крызісы, якія перыядычна ўзнікаюць і будуць узнікаць у беларуска-расійскіх адносінах — гэта не добра і не дрэнна, — кажа Трэнін. Гэта — інструмент часовага рашэння праблем. Яны не вырашаюцца іншымі спосабамі. Але праз крызіс атрымліваецца штосьці абвастрыць і дасягнуць нейкага новага балансу на нейкі час”.

Расійскі эканаміст намаляваў тры найбольш верагодныя сцэнары развіцця беларуска-расійскіх адносінаў. Самы верагодны — гэта захаванне сучаснай тэндэнцыі і паглыбленне суверэнітэту Беларусі:

“Адносіны да Расіі і Еўропы з боку Беларусі будуць збалансаваныя. Масква будзе перыядычна спрабаваць рэагаваць на манеўры Мінска. Інтэграцыя пры гэтым сцэнары даволі павярхоўная. Мытны саюз магчымы, а вось эканамічнага саюза наўрад ці можна чакаць”.

Другі сцэнар верагодны ў тым выпадку, калі адбудзецца паварот палітычнай сітуацыі тут, у Мінску:

“Калі Беларусь выканае пажаданні еўрапейскіх калег, дэмакратызацыя Беларусі зробіць еўрапейскі вектар вызначальным для Беларусі. І Расія ў такім разе стане проста суседам”.

І трэці сцэнар — гэта калі паварот адбудзецца ў Маскве. Гэта найменш верагодны  варыянт, кажа Дзмітры Трэнін:

“Гэта найменш верагодны сцэнар на мой погляд. Калі ў Маскве вырашаць, што галоўнае для краіны сапраўды мадэрнізацыя, тады наступны лагічным тэзісам будзе тое, што Еўропа — самы важны знешні рэсурс мадэрнізацыі краіны. Таму што самастойна зрабіць такую мадэрнізацыю Расія не зможа. У такім разе Расія будзе мяняць сваю знешнюю палітыку”.

Тая ж форма адносінаў, што склалася паміж Расіяй і Беларуссю сёння — датацыі ў абмен  на дэманстрацыю лаяльнасці — на думку Трэніна больш выгадная для Мінска, чым для Масквы. І Беларусь адназначна не ўваходзіць у расійскую сферу ўплыву, кажа эканаміст.