“Расія не можа абыходзіцца без нашых артыстаў”

“Але нам нельга дазваляць сябе мець. За проста так”, -- сказаў Васіль Раінчык у інтэрв’ю Еўрарадыё, каментуючы сваё выказванне аб тым, што за кожнага беларускага артыста, “звінчанага” за мяжу, замежныя прадзюсары павінны выплачваць кампенсацыю альбо рабіць адлічэнні з іх ганарараў у кішэню бацькаўшчыны. Нягледзячы на тое, што за апошнія гады толькі тры выхаванцы беларускага шоў-бізнэсу – Руслан Аляхно, Наталля Падольская і Дзмітры Калдун – здолелі выйсці за межы айчыннай сцэны і скарыць слухачоў бліжэйшага расійскага замежжа, стваральнік легендарных “Верасоў” лічыць: час, калі попыт на нашых выканаўцаў будзе перавышаць прапановы, не за гарамі. Расійскаму шоў-бізнесу без беларускіх артыстаў не абысціся. І краіне трэба быць да гэтага гатовай. Каб не прамінуць сваю выгаду.

Васіль Раінчык: “Калі б маглі ў Расіі без нашых артыстаў абыходзіцца, даўно б абыходзіліся. Але гэта раней галоўнае, чаго нам хацелася, гэта як ў вершы: “Нам бы людзьмі звацца”. Цяпер толькі людзьмі звацца мала. А то што атрымліваецца: краіна робіць артыста, укладае ў яго, а потым яго проста так забіраюць? Непрыемна”.

На думку кіраўніка тэатра эстрады, неабходна стварыць юрыдычную і заканадаўчую базу, у адпаведнасці з якой за кожнага беларускага выканаўцу замежным прадзюсарам даведзецца плаціць “калым” альбо адлічваць пэўны адсотак з усіх прыбыткаў.

Васіль Раінчык: “Гэта ўсё павінна быць адукавана аформлена ў юрыдычным дакуменце. Ён называецца альбо кантракт, альбо дамова, і там ўсё павінна быць прапісана. Калі нейкі прадзюсар хоча бясплатна паймець гатовага артыста, то так не павінна быць”.

Больш за ўсё масцітага кампазітара крыўдзіць тое, што такія артысты па прыездзе на радзіму атрымліваюць значна вышэйшыя ганарары, чым іх калегі-землякі.

Васіль Раінчык: “Траіх ужо “звінцілі”. А цяпер для таго, каб у нас выступіў любы з гэтых артыстаў, мы павінны плаціць вялізарныя грошы. І выступ гэтых артыстаў каштуе значна больш, чым выступ любога беларускага артыста”.

Хаця і той факт, што пасля сыходу да расійскага прадзюсара беларускага выканаўцу пачынаюць прадстаўляць на канцэртах як артыста расійскага, мае для патрыёта Раінчыка негатыўнае значэнне.

Васіль Раінчык: “Да прыкладу, па першым расійскім канале ідзе перадача, і там гавораць, што Калдуна яны лічаць расійскім артыстам. А гэта ўжо няправільна. Які ён расійскі? Ён беларускі артыст”.

На пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, ці не дастаткова было б абавязаць беларусаў і за мяжой не адхрышчвацца ад радзімы, а не патрабаваць за іх грошы, кіраўнік тэатра эстрады слушна заўважыў, што зараз не тыя часы.

Васіль Раінчык: “Зараз такі час, што неабходна ўсё лічыць. Час стаў больш меркантыльны. Гэта раней была проста культура, проста музыка. А зараз гэта бізнэс”.

Што ўрэшце атрымаецца з ініцыятывы кампазітара-бізнэсоўца, пакуль казаць рана. Сваю прапанову па папаўненні рэспубліканскага бюджэту Васіль Раінчык агучвае на ўсіх афіцыйных і не вельмі сустрэчах з вышэйшым кіраўніцтвам. Але кажа, што займацца яе прасоўваннем і змагацца за тое, каб юрыдычна і заканадаўча надаць ёй дзяржаўны статус, не будзе. Няма ні часу, ні жадання.

Васіль Раінчык: “Я не залічваю сябе ў такія падзвіжнікі, які будзе чагосьці дамагацца. У асноўным я кампазітар, а не прадзюсар. Я магу толькі прапаноўваць, а не дамагацца. Для мяне гэта не з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю”.

Усе выхаванцы Моладзевага тэатра эстрады ніякіх кантрактаў з Раінчыкам не падпісвалі і ў любы момант могуць сысці да іншага прадзюсара. І Васіль Пятровіч не зможа прад’явіць на іх ніякіх правоў. Ні на кампенсацыю, ні на адсоткі ад прыбыткаў за патрачаны на іх час, сілы і дзяржаўныя грошы яму, яго тэатру і дзяржаве разлічваць не даводзіцца.

Улічваючы гэта, не разумееш, што рухае кампазітарам і вымушае выходзіць з такімі эканамічнымі ініцыятывамі. А можа, і праўда верыць, што хутка настане той час, калі за кожным беларускім артыстам будуць паляваць замежныя прадзюсары?