Расія вярнула Беларусі больш за 14 тон мяса "з будучыні"
На маркіровачных этыкетках была пазначаная дата вырабу наступнага дня.
14 тон мяса беларускай вытворчасці не прапусціў у Расію Рассельгаснагляд. Адзначаецца, што з 26 лістапада на прадукцыю Калінкавіцкага мясакамбіната былі ўведзеныя часовыя абмежаванні.
Расійскія спецыялісты спынілі транспарт з мясам на аўтадарозе Бранск — Гомель. Падчас агляду высветлілася, што на частцы прадукцыі былі маркіровачныя этыкеткі з датай вырабу наступнага дня, не пазначанай у прадастаўленым ветэрынарным сертыфікаце і пасведчанні якасці. У выніку было прынятае рашэнне аб вяртанні мяса ў Калінкавічы, паведамляе РІА "Новости".
Нагадаем, пасля інфармацыі Рассельгаснагляду аб выяўленні фактаў наяўнасці ў прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў, адгружанай у Расію, геному віруса афрыканскай чумы свіней Беларусь да заканчэння службовага расследавання з 31 кастрычніка прыпыніла экспарт у Расію гатовай прадукцыі з гэтых мясакамбінатаў, а таксама ўвогуле свініны і свіных субпрадуктаў. Акрамя таго, шэраг беларускіх перапрацоўшчыкаў сельгаспрадукцыі трапіў пад забарону Рассельгаснагляду пасля выяўлення ў іх прадукцыі шкодных рэчываў, у тым ліку мікробнага забруджвання і антыбіётыкаў. На цяперашні час пад забаронай Расіі знаходзяцца больш за 20 беларускіх прадпрыемстваў.

Фота — ria.ru