Расія за пастаўкі нафты ў Беларусь хоча атрымаць "Нафтан-Палімір"

Амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў лічыць, што асноўны аб'ём пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе павінен ажыццяўляцца па біржавых коштах. Па словах дыпламата, мусяць быць усталяваныя аб'ёмы нафты, якія будуць пастаўляцца ў Беларусь у наступным годзе бязмытна, для ўнутранага спажывання. Уся астатняя нафта павінна пастаўляцца па біржавых коштах. Пры гэтым амбасадар адзначыў, што пакуль бакі не ўзгаднілі аб'ём паставак для ўнутраных запатрабаванняў Беларусі, перадае "Інтэрфакс".

Таксама Сурыкаў даў зразумець, што расійскі бок увязвае ўзровень коштаў нафты для Беларусі і магчымасць удзелу расійскіх кампаній у прыватызацыі беларускай нафтавай інфраструктуры, у прыватнасці перапрацоўчага комплексу "Нафтан-Палімір".

"З канца 90-х гадоў ужо язык баліць ад мазалёў — усё кажуць пра "Нафтан". Але руху па-ранейшаму няма. Чакаем прапановаў ад беларускага боку", — заявіў расійскі амбасадар.