Расія заплаціць за ўсё! — Аляксандр Лукашэнка

“Мы папросім Расію таксама за ўсё заплаціць, што мы для яе робім!”. Яшчэ ўчора з такой заявай выступіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак абнародаваная яна была “Інтэрфаксам” толькі сёння. Праўдападобна, беларускія ўлады вырашылі не раздражняць Маскву да заканчэння перамоваў паміж прадстаўнікамі “Газпрома” і “Белтрансгазу”.

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню агучыў падрабязнасці сваіх колішніх перамоваў з прэзідэнтам Расіі.

Паводле яго словаў, Пуцін яшчэ паўгады таму абяцаў Лукашэнку падтрымку, “у тым ліку і міждзяржаўным крэдытам у 1.5-2 млн долараў, на выгодных умовах. На 15 гадоў, з пачаткам пагашэння праз 5 гадоў”.

Аднак крэдыт, на які так спадзяваўся кіраўнік Беларусі, так і не быў атрыманы. Лукашэнка прызнаўся, што Беларусі ў гэтай сітуацыі дапамаглі нейкія “людзі”.

“Фактычна мы ўзялі крэдыт для таго, каб аддаць роднай Расіі тое, што яна ад нас патрабуе”, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Хто быў гэтым дабрадзеем, ён не ўдакладніў.