Расіяне назвалі Леаніда Брэжнева найлепшым кіраўніком XX стагоддзя
Да такой высновы прыйшлі эксперты "Левада-цэнтра", якія праводзілі сацыялагічнае даследаванне.
Як піша расійская газета "Коммерсантъ", амаль усе савецкія лідары выклікаюць у расіян пазітыўныя эмоцыі. Нават Іосіфа Сталіна станоўча ацэньваюць 50% апытаных.
Толькі ў дачыненні да Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына колькасць адмоўных водгукаў утрая большая, чым станоўчых. Сацыёлагі мяркуюць, што гэта сведчыць пра адсутнасць гістарычных ведаў і гістарычнай рэфлексіі: людзі гавораць аб міфах, а не аб рэальных постацях.
Эксперты лічаць, што ў людзей ёсць пэўныя асацыяцыі. Сталін выклікае асацыяцыю з перамогамі, Брэжнеў — з заможнасцю. Разам з тым, у сваю эпоху Брэжнеў ні сімпатыі, ні павагі не выклікаў. Асноўнай формай рэакцыі на яго прозвішча быў свежы анекдот, заўважаюць сацыёлагі. Аднак на яго кіраванне прыйшоўся пік савецкага сацыялізму, адноснага дабрабыту. Так што зараз пазітыўна пра яго адгукаюцца 56%, адмоўна — 29% рэспандэнтаў.
Фота — ИТАР ТАСС