Расіяне праінспектавалі малочныя прадпрыемствы Беларусі

Спецыялісты Россельгаснагляду завяршылі інспектаванне малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ветэрынарыі міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Аксёнаў.
Цяпер беларускі бок чакае вынікаў праверак. Усяго расійскія інспектары з 15 верасня праверылі 58 прадпрыемстваў. Інспекцыя праводзілася ў сувязі з тым, што з 1 лістапада 2007 года ўвоз у Расію малочнай прадукцыі будзе дазволены толькі з прадпрыемстваў, атэставаных расійскімі ветэрынарнымі спецыялістамі.

Раней планавалася, што такі парадак будзе дзейнічаць з 1 кастрычніка, але тэрмін быў перанесены ў сувязі з неабходнасцю дэталёвага вывучэння вынікаў праверкі.

Такі ж парадак з 1 красавіка гэтага года дзейнічае ў дачыненні да мяса і мясапрадуктаў. З 37 правераных мясакамбінатаў расіяне атэставалі 25.

“Інтэрфакс”