Расійскага журналіста выпусцілі з Аршанскага СІЗА

Спачатку галоўнага рэдактара самарскага праваабарончага агенцтва Свабода падазравалі ў тым, што ён спрабуе правезці наркотыкі. 24 сакавіка суддзя Аршанскага суда Іна Кохава прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве. З міліцэйскага пратаколу вынікала, што пры затрыманні Лашманкін размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся.
 
Журналіст выйшаў на волю сёння ўначы а 1.05, паведамляе БелаПАН. Ён планаваў бліжэйшым цягніком накіравацца ў Мінск і папрацаваць там, скарыстаўшыся сваёй акрэдытацыяй. Але ж звязацца з самім журналістам пакуль не ўдалося. Мяркуецца, што ў яго скончыліся грошы на тэлефонным рахунку, а перавесці новыя ён не паспеў.