Расійскі навуковец прапанаваў "перазагрузіць" адносіны Расіі і Беларусі

Расія павінна лічыць саюз з Беларуссю ключавым звяном у забеспячэнні сваёй нацыянальнай бяспекі на заходніх межах. Падставы для гэтага даюць прасоўванне NATO і Еўрасаюза на Ўсход як доўгачасовая стратэгія, а таксама амерыканскія планы па размяшчэнні сістэм ПРА ў Чэхіі і Польшчы. Такое меркаванне доктара эканамічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута эканомікі РАН Юрыя Годзіна. У артыкуле "Адносінам трэба рэвізія і перагляд" у апошнім нумары "Ваенна-прамысловага кур'ера" (РФ) навуковец сцвярджае, што "расійска-беларускія адносіны прабуксоўваюць і па аналогіі з расійска-амерыканскімі патрабуюць "перазагрузкі".

У першую чаргу, як паведамляе БелаПАН, Юры Годзін прапаноўвае "правесці інвентарызацыю нацыянальных дзяржаўных інтэрасаў Расіі і Беларусі і сумесна дасягнуць балансу пры іх рэалізацыі". Масква, на яго думку, павінна зыходзіць з таго, што Беларусь ёй патрэбна больш, чым яна — Беларусі. "Менавіта РФ, якая пераўзыходзіць свайго саюзніка па ўсіх параметрах і паказчыках, павінна праявіць ініцыятыву і прапанаваць Мінску такую мадэль саюза, якая аптымальна адпавядала б нацыянальным інтэрасам абедзвюх краін з улікам наяўных адрозненняў у рынкавых ідэалогіях", — лічыць навуковец.

Юры Годзін заклікае расійскую ўладу спыніць усе гутаркі наконт таго, што Расія "корміць" Беларусь". "Каб застацца ў ліку сусветных дзяржаў, Расіі давядзецца пацвярджаць гэта ў ліку іншага і праз эканамічнай дапамогі сваім геапалітычным саюзнікам", — упэўнены ён.

Навуковец таксама лічыць, што Расія не павінна аддаваць дзяржаўныя інтэрасы на водкуп гаспадарчым суб'ектам (нават такім, як "Газпром") і ў дыпламатычнай практыцы актыўней выкарыстаць Мінск у якасці палітычнай процівагі антырасійскай, празаходняй пазіцыі некаторых былых савецкіх рэспублік.