Расійскі прэм'ер не супраць, калі ў інтэрнэце яго называюць Дзімонам
Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што не перажывае з нагоды панібрацкага звароту да яго ў блогасферы.
Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю газеце "Комсомольская правда": "Калі зусім шчыра, мяне наогул гэта не кранае. Ёсць рэчы, якія мне не падабаюцца. Гэта зразумела. Але калі мяне ў інтэрнэце завуць Дзімонам, гэта нармальна абсалютна, па-людску. Там жа асяроддзе такое... Ну што, Дзімон? Мяне так і ў дзяцінстве звалі. Ды ну, глупства гэта".
Мядзведзеў нагадаў, што хоць у Расіі зварот з ужываннем імя па бацьку сведчыць пра павагу да чалавека, у шмат якіх краінах прынята звяртацца да міністраў, прэм'ераў і прэзідэнтаў толькі па імю.
Нагадаем, што ў канцы сакавіка прэс-сакратар прэм'ера Наталля Цімакова ў інтэрв'ю радыёстанцыі "Голас Расіі" заявіла: "Я не разумею людзей, якія, умоўна, у Facebook, пішуць: "Ну, Дзімон, ты малайчына, запаліў". Ён вам не "Дзімон". Ён старшыня ўрада".
Гэтыя словы Цімаковай тады выклікалі хвалю дэматыватараў у інтэрнэце.