Расійскіх шпіёнаў у ЗША "выдаў" мінчук

Пра гэта агенцтву REGNUM паведаміў экс-супрацоўнік КДБ СССР Фёдар Якаўлеў. Нагадаем, што раней у СМІ з'явіліся звесткі пра сапраўднае прозвішча здрадніка - палкоўніка Службы вонкавай разведкі Расіі Пацеева.
Паводле словаў Якаўлева, Аляксандр Пацееў родам з Мінску, ён служыў у КДБ Беларусі. Яго бацька Герой Савецкага Саюзу, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны падпалкоўнік Мікалай Пацееў.

Кадэбіст Аляксандр Пацееў вучыўся на курсах удасканалення афіцэрскага складу, больш вядомых, як "школа дыверсантаў". На іх рыхтаваліся кадры для спецназу КДБ СССР. У 1979 годзе яго накіравалі ў Афганістан у складзе групы спецназу КДБ "Зеніт". У 1981 году ён быў у кабульскай групе спецназу КДБ "Каскад-2". За ўдзел у баявых дзеяннях у гэтай групе ён быў узнагароджаны ордэнам. Пасля Афганістана Пацееў скончыў Чырванасцяжны інстытут і працаваў у вонкавай выведцы КДБ СССР, затым у Службе вонкавай разведкі.

Нагадаем, 27 чэрвеня паліцыя ЗША затрымала дзесяць чалавек, усім ім выставілі абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Расіі. 9 ліпеня ў Вене дзесяць рускіх шпіёнаў памянялі на чатырох супрацоўнікаў замежных спецслужбаў, якія адбывалі тэрмін за шпіянаж у расійскіх турмах.