Расійскія вайскоўцы прыбываюць у Беларусь 9 верасня

Эшалоны з расійскімі войскамі для ўдзелу ў аператыўна-стратэгічным вучэнні "Захад- 2009" прыбываюць у Беларусь 9 верасня. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміў начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Вячаслаў Раменчык. Расійскі бок на вучэнні прадставяць органы вайсковага кіравання і шэраг злучэнняў і воінскіх частак 20-й арміі, аператыўныя групы Галоўнага камандавання ВПС, камандаванняў ваенна-транспартнай авіяцыі і ПДВ, падраздзяленні 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі.

Нагадаем, што вучэнне "Захад-2009" адбудзецца ў Беларусі з 18 па 29 верасня гэтага года. У ім прымуць удзел каля 12,5 тыс. чалавек, у тым ліку каля 2 тыс. чалавек, прызваных праз ваенныя камісарыяты.

"Баявыя дзеянні" разгорнуцца на 230-м агульнавайсковым палігоне Заходняга аператыўнага камандавання (Абуз-Лясноўскім), 227-м агульнавайсковым палігоне Сухапутных войскаў (Барысаўскім), 174-м вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА "Даманаво", 210-м авіяцыйным палігоне "Ружаны", а таксама на палігонах 38-й (Брэсцкім), 6-й мабільных брыгад і авіяцыйным палігоне 206-й штурмавой авіябазы. Акрамя таго, вучэнне пройдзе на асобных участках мясцовасці з мэтай разгортвання рухомых пунктаў кіравання і адпрацоўкі практычных дзеянняў войскаў.