Распачаўся закрыты суд над журналістам Белсата

Толькі што, як стала вядома Еўрарадыё, распачаўся суд над журналістам Іванам Шульгом.  Як паведаміла сябра Праўлення БАЖ Яніна Мельнікава, якая зараз прысутнічае ў судзе Савецкага раёна, судовае пасяджэнне павінна было быць адкрытым. Але пакуль прадстаўнікі БАЖ, амабасадаў і калегі Івана чакалі пачатку, іх нечакана папрасілі пакінуць памяшканне суда.

Яніна Мельнікава: “Нас папрасілі выйсці з памяшкання, бо туды нібыта прывезлі некага для суда з Валадаркі. Мы выйшлі, а калі дзверы суда зноў адчыніліся, стала вядома, што Івана ўжо завялі ў кабінет суддзі, суд распачаўся і больш туды нікога не пускаюць”.

Побач з Іванам няма нават адваката. Ніхто з калег з затрыманым журналістам так і не сустрэўся і не змог яму паведаміць прозвішча адваката. Такім чынам, Іван нават не ведае прозвішча таго, каго ён можа запатрабаваць ад суддзі выклікаць для абароны сваіх правоў.

Па звестках Еўрарадыё, працэс журналіста вядзе суддзя Аксана Рэлява.