Разарылі "кармушку эліты" – спецгаспадарку "Атоліна"

Кіраўнік управы справамі прэзідэнта Мікалай Дамашкевіч заявіў, што "былы атолінскі саўгас, а цяпер Нацыянальнае эксперыментальна-доследнае прадпрыемства "Ўсход" разбазарылі начальнікі". Пасля першых вынікаў праверкі звольненыя дырэктар і галоўны бухгалтар. Ім пагражаюць судовым пераследам.

Мікалай Дамашкевіч аддаў распараджэнне праверыць, ці ўся тэхніка ў наяўнасці, на якіх умовах здаваліся ў арэнду вытворчыя памяшканні. Крыніцы "Бюлетэнь Онлайн" падказваюць: калі Дамашкевіч працаваў старшынём Мінскага аблвыканкама, то ён не мог выкрываць парушэнняў у гаспадарцы, якую шмат хто лічыў кармушкай першых асобаў з "чырвонага дому".


Гісторыя гаспадаркі павучальная. Атоліна – былы маёнтак мінскага гарадскога галавы Карла Гутэн- Чапскага, які верхаводзіў з 1980 па 1901 год. Сп. Гутэн-Чапскі, сын палітыка, калекцыянера і нумізмата графа Эмэрыка Чапскага, заклаў у Мінску тэлефонную і электрычную станцыі, трамвай-конку, лякарні, прытулкі. Памяць пра Карла Чапскага вечная - рэйкі конкі пакладзеныя ў падмурак Дому ўраду.

Да саветаў у Атоліна была ўзорная панская сядзіба, там разводзілі племянную жывёлу. Пры саветах арганізавалі калгас. Яго ўладальнікам быў Народны камісарыят земляробства БССР, а з 1933 г. – гаспадарчая ўправа ЦК КП(б) Беларусі і лекавая камісія ЦК. Менавіта ў 1933-м у СССР здарыўся голадамор. Вакзалы ў Гомелі і Менску напаўнялі ўцекачы з Украіны і Дона. Аднак і ў Беларусі яны паміралі ад голаду. Бальшавіцкая ж вярхушка мела прадукты з сытай і ізаляванай вёскі Атоліна.


У гарбачоўскую перабудову ў Мінску гаварылі, што ў саўгасе "Атоліна" былі імянныя каровы першых асобаў ЦК КПБ. Сапраўды, арганізм чалавека прызвычайваецца да малака з аднае жывёлкі і таму яго можна ўжываць без кіпячэння.


Выкарыстоўваць на палях у "Атоліне" атруты і хімабарону было забаронена – толькі гной. Былы галоўны інжынер "Атоліна" Віктар Мельнік нагадваў журналістам, што на камуністычныя суботнікі сюды выязджалі супрацоўнікі ЦК. Пакуль яны разглядалі фермы і даярак, для іх смажылі шашлыкі. Імі босы заядалі гарэлку, якую тут вытрымлівалі на бярозавых пупышках.

За часамі А. Лукашэнкі спецгаспадарку ачоліла пахаджанка са Шклова Надзея Каткавец. Цяпер яна першая намесніца міністра сельскай гаспадаркі і на тэмат "Атоліна" не выказваецца.

Бюлетэнь Онлайн


Фота К. Шаблоўскага, Радзіма