Развод на дарозе: як становяцца вінаватымі у ДТЗ
Махляры "дамаўляюцца" кампенсаваць страты і раз'ехацца, не выклікаючы ДАІ, а самі застаюцца на месцы аварыі і тэлефануюць у міліцыю.
За дробную аварыю беларускія кіроўцы рызыкуюць застацца без правоў на два гады, а таксама “ўляцець” на грошы. У столькі можа абысціся даверлівасць. Дапусцім, вы зачапіліся люстэркамі з сустрэчнай машынай, але вырашылі не выклікаць ДАІ і разысціся мірам. Маўляў, абодва вінаватыя і страты нязначныя: навошта плаціць штраф? Не здзіўляйцеся, калі праз пэўны час атрымаеце паведамленне аб тым, што вы прызнаныя вінаватым у ДТЗ, вас чакае штраф і пазбаўленне правоў. Потым высветліцца, што другі кіроўца пасля вашага ад’езду застаўся на месцы аварыі і выклікаў ДАІ.
Падобную гісторыю пракаментаваў падчас онлайн-канферэнцыі на сайце “Народнай газеты” намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Васіль Бульбянкоў. Паводле яго слоў, такія сітуацыі нярэдкія. Бывае, што нават невінаваты кіроўца ў выніку становіцца вінаватым і губляе правы.
“Калі адчуваеш, што дамовіўся не да канца, то лепш не дамаўляцца, а выклікаць міліцыю. Гэта парушэнне Адміністрацыйнага кодэкса, і пакараюць і за аварыю, і за тое, што з'ехаў”, — распавёў Еўрарадыё супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі.
Нават калі вы дамовіліся і заплацілі пацярпеламу за памяты бампер ці пабітую фару, не расслабляйцеся. Пасля вашага ад’езду “махляр” можа спакойна застацца на месцы і выклікаць ДАІ. У выніку давядзецца выкласці яшчэ і штраф, а ў горшым выпадку — на 2 гады забыцца пра аўтамабіль. “Махляр” атрымае вашы грошы і кампенсацыю ад страхавой кампаніі. Дарэчы, раней можна было дамаўляцца, калі аварыя невялікая, але цяпер гэта незаконна, кажуць аўтаінспектары:
"Зараз няма такога, што ў сувязі з нязначнай шкодай можна дамовіцца на месцы. А раней было, але трэба было самім складаць схему і ехаць у аддзел. А зараз тое, што яны дамаўляюцца, — гэта незаконна".
Адміністратар народнага сайта “Стоп-ДАІ” Аляксандр Старычэнка таксама раіць не з’язджаць з месца аварыі і чакаць міліцыю, каб не трапіць у сеткі “махляроў”. У крайнім выпадку — бярыце распіску.
"Не з'язджаць з месца ДТЗ. Ці атрымоўваць ад другога чалавека распіску, дзе будзе напісана, што ў выніку інцыдэнту, які адбыўся на вуліцы такой-та, прэтэнзій да гэтага чалавека не маю. Шкода не нанесеная. І тэрмін "ДТЗ" там нельга ужываць. Калі напісаў слова ДТЗ, то аўтаматычна вінаваты. За з'езд з месца аварыі караюць усіх".
Аднак старэйшы інспектар службы агітацыі і прапаганды ДАІ Вольга Амінава сумняваецца, што запіска дапаможа.
"Калі распіска ёсць, яна можа быць дакументам, але паўнавартасная распіска засведчваецца натарыусам. А зробленая на вуліцы — не паўнавартасны дакумент. Трэба выклікаць ДАІ і разбірацца паводле закону — інакш можна заплаціць штраф ці пазбавіцца правоў на 2 гады. А так вам давядзецца аплаціць штраф за ДТЗ, але ўдасца захаваць правы".