Рэдакцыя "Барысаўскіх навінаў" працягвае абскарджваць ператрус

Па факце ператрусу ў рэдакцыі "Барысаўскіх навінаў", які адбыўся 10 студзеня гэтага году, у пракуратуру Мінскай вобласці была пададзена скарга.

У дакуменце абскарджваюцца падставы для правядзення ператрусу, а таксама дзеянні супрацоўнікаў Барысаўскага РУУС, якія сканфіскавалі ўсю аргтэхніку рэдакцыі, уключна з клавіятурамі і мышкамі.

Скарга была разгледжана пракуратурай г. Мінска, аднак парушэнняў яна не выявіла. Затым была пададзеная скарга ў суд Партызанскага раёна Мінска. Днямі  быў атрыманы адказ, у якім суд адмовіўся разглядаць справу, спасылаючыся на працэсуальныя нормы.

Рэдакцыя вырашыла не саступаць грубым парушэнням існуючага заканадаўства, а таму збіраецца абскардзіць судовае рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе, а паралельна падаць скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".