"Рэпарцёры без межаў" патрабуюць вызвалення журналістаў

"Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў, затрыманых 19 снежня", — гаворыцца ў заяве, размешчанай 22 снежня на афіцыйным сайце арганізацыі.

"Рэпарцёры без межаў" заклікаюць урады Расіі і краін Еўрасаюза, а таксама еўрапейскія і міжнародныя інстытуты аказаць націск на беларускія ўлады для таго, каб рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў спыніліся.

На думку арганізацыі, беларускі ўрад абыходзіцца са сваім народам "з найвялікшай пагардай", а таксама грэбуе сваімі міжнароднымі абавязацельствамі.

"Сціплы прагрэс", што назіраўся ў Беларусі ў апошнія месяцы, аказаўся "не больш чым тактычнай шырмай", адзначаюць праваабаронцы. Яны мяркуюць, што сітуацыя ў Беларусі, а таксама міжнародныя адносіны краіны пагоршацца, калі ўлады "неадкладна не зменяць курс".